МІНСК, 13 сне — Sputnik. Пленарнае пасяджэнні ІІ З'езда вучоных Рэспублікі Беларусь праходзіць у сераду ў Мінску з удзелам прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Напярэдадні — у першы дзень з'езду — дэлегаты працавалі па тэматычных секцыях. На кожнай была арганізавана свая выстава.
Абагульненая міжведамасная выстава працуе сёння і ў Палацы Рэспублікі, дзе праходзіць пленарнае пасяджэнне.
"Выстава пройдзе пад лозунгам "Беларусь інтэлектуальная" і будзе складацца з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця краіны: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыя і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы", — распавядаў напярэдадні II З'езда вучоных рэспублікі Беларусь намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык.
Мяркуецца, што ў ходзе пленарнага пасяджэння ўдзельнікі абмяркуюць актуальныя задачы і прыярытэты доўгатэрміновага развіцця айчыннай навукі і тэхналогій. Асобная ўвага будзе нададзена найбольш перспектыўным напрамкам, пытанням умацавання кадравага патэнцыялу і матывацыі моладзі да навуковай дзейнасці.
З'езд навукоўцаў павінен стаць выніковым мерапрыемствам Года навукі. 2017-ы быў абвешчаны ў Беларусі Годам навукі ўказам прэзідэнта. У дакуменце ўдакладняецца, што такое рашэнне прынята ў мэтах павышэння статусу вучонага і ролі навукі ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стварэння спрыяльных умоў для захавання навуковага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь.