МІНСК, 14 сне — Sputnik. Мінскі гарадскі тэатр паэзіі прадставіць 20 снежня спектакль "Дзе жыве натхненне?", паведамілі ў Мінскім гарадскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Гэта будзе паэтычны спектакль, у якім прымуць удзел 11 маладых літаратараў — студэнтаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Сваю творчасць прадставяць Марта Кудзіна, Кацярына Роўда, Таццяна Купрыянец, Кацярына Стройлава, Аліна Цвірко, Анастасія Каротчыкава, Анастасія Трэшчэва, Марыя Чакрыгіна, Аляксандр Паршанкоў, Мікіта Крыцук і Ілля Візер. Са сцэны будуць гучаць вершы і песні.
"У нашых пастаноўках імкнемся задзейнічаць не толькі словы, але і музыку, візуальнае мастацтва, дзеянне. На гэты раз раскажам і пакажам гісторыю аб пошуку натхнення", — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Міхась Пазнякоў.
Мінскі гарадскі тэатр паэзіі працуе на базе Цэнтральнай бібліятэкі ім. Я. Купалы. Яна размяшчаецца па адрасе: вул. В. Харужай, 16. Пачатак спектакля ў 18:00. Уваход вольны.