ГОМЕЛЬ, 17 сне — Sputnik. Пераможцай абласнога конкурсу прыгажосці "Місіс Гомель — 2017" стала 29-гадовая Анастасія Зяцікава.
Дзяўчына скончыла ў 2010 годзе фізічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны і працуе педагогам у дзіцячым садзе.
У Анастасіі багаты вопыт удзелу ў спартыўных спаборніцтвах, яна майстар спорту па акадэмічным веславанні. Цяпер вучыць маленькіх дзяцей плаваць. У конкурсах прыгажосці ніколі раней не ўдзельнічала.
"Насця заўсёды была віднай дзяўчынай, але з-за пастаянных трэніровак ёй некалі было нават на спатканне збегаць. Яна ж павінна была паехаць на Алімпіяду ў Пекін, сур'ёзна рыхтавалася, але не склалася", — распавёў Sputnik пра дачку-прыгажуню тата Аляксандр Новікаў.
З будучым мужам Насця пазнаёмілася ў студэнцкія гады на глебе любові да спорту. Праўда, ён займаўся гандболам. Жаданне дзяўчыны пазмагацца за тытул самай прыгожай жонкі і мамы падтрымаў без роздумаў.
"Насця малайчына, самая лепшая. Нарадзіла мне выдатнага сына. У планах — дачка, а можа, і дзве. У нас абавязкова будзе вялікая сям'я", — упэўнены муж уладальніцы тытула "Місіс Гомель — 2017".
Сакрэт сваёй перамогі Анастасія звязвае з абсалютнай сумленнасцю і празрыстасцю конкурсу, дзе ўсё вырашаюць балы, а не грошы."Аб конкурсах прыгажосці ўсякае можна пачуць. Але ў нашым выпадку гэта самы справядлівы конкурс. Арганізатары да ўсіх ставіліся роўна, яны наогул вялікія разумніцы", — не хавае свайго захаплення Зяцікава.
У гэтым годзе фінал "Місіс Гомель — 2017" праходзіў у самай вялікай зале Гомельскай вобласці — Грамадска-культурным цэнтры. Гэта ўжо трэці па ліку конкурс, дзе выбіралі самую прыгожую жонку і маму. Галоўнай мэтай конкурсу арганізатары называюць папулярызацыю сямейных каштоўнасцяў. У конкурсе няма традыцыйнага дэфіле ў купальніках, замест яго ўдзельніцы выходзяць на сцэну з дзецьмі.
У мінулым годзе перамогу ў конкурсе атрымала гамяльчанка Аліна Малыш, якая выхоўвае пецярых дзяцей.