МІНСК, 19 сне — Sputnik. Унікальны збор з 21 тамоў кніг з факсімільным узнаўленнем кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ўрачыста перададзены сёння ў дар Нацыянальнай бібліятэцы В'етнама.
Пасол Беларусі Уладзімір Гошын падчас цырымоніі перадачы кніг падкрэсліў важнасць развіцця і паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва па лініі культурнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння.
Паводле яго слоў, гэта спрыяе як умацаванню цёплых, сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і В'етнамам, так і духоўнаму ўзаемаабагачэнню народаў дзвюх краін.
У сваю чаргу дырэктар бібліятэкі Кіеу Тхуі Нга выказала словы ўдзячнасці і падзякі беларускаму боку за далучэнне В'етнама да такой маштабнай падзеі, прымеркаванай да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання.
Асаблівую значнасць цырымоніі надало тое, што тамы з факсімільным узнаўленнем кніжнай спадчыны Францыска Скарыны з'яўляюцца першымі выданнямі на беларускай мове ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі В'етнама і ўручаны ў год святкавання 100-годдзя з дня ўтварэння гэтай установы.