МІНСК, 19 сне — Sputnik. Новы тып рэпетыцыйнага тэсціравання (РТ) з'явіцца ў Беларусі ўжо праз два месяцы, паведаміў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк.
Рэпетыцыйнае тэсціраванне цяпер праводзіцца ў тры этапы: патэнцыйныя абітурыенты могуць платна паспрабаваць свае сілы ў прадметах, якія плануюць здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні (ЦТ).
"Цяпер завяршаецца першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання. З 20 снежня ўсе, хто ў ім удзельнічаў, змогуць на сайце РІКВ атрымаць поўны разбор сваіх тэстаў. З лютага наступнага года ўводзіцца яшчэ адзін від рэпетыцыйнага тэсціравання — дыстанцыйнае тэсціраванне, якое дазволіць бясплатна ўсім жадаючым зайсці на сайт і па ўсім 15 прадметах адпрацаваць усю тэхналогію з разборам заданняў, са знаходжаннем памылак", — распавёў кіраўнік РІКВ у эфіры беларускага тэлебачання.
Прайсці РТ змогуць некалькі разоў да канца навучальнага года ўсе жадаючыя; верагодна, таксама бясплатна.
Віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Жарко патрабаваў дазволіць здачу рэпетыцыйнага тэсціравання бясплатна — ва ўсякім выпадку, адзін раз у год. Такую магчымасць павінны былі даць ужо з наступнага года.
Акрамя таго, цяпер спецыялісты працягваюць працаваць над зместам тэстаў ЦТ і сістэм ацэнкі бланкаў. Зрэшты, чыноўнікі абяцаюць, што кардынальных зменаў у здачы цэнтралізаванага тэсціравання ў 2018-м яшчэ не будзе — яны чакаюцца толькі праз год.
Цэнтралізаванае тэсціраванне — неабходны этап паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. Штогод тэсты па 15 прадметах здаюць каля ста тысяч чалавек. Не трэба праходзіць ЦТ для паступлення толькі пераможцам алімпіяд.