МІНСК, 21 сне — Sputnik. Гурт NaviBand прымаў удзел у канцэрце, прысвечаным стагоддзю Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі з песняй "Гэта зямля", пацвердзіў прадзюсар гурта Аляксандр Табольскі.
"Калі кагосьці дагэтуль цікавіць канкрэтнае пытанне — так, гурт Naviband прымаў удзел у канцэрце, прысвечаным стагоддзю КДБ Беларусі з песняй "Гэта зямля". Мы не хаваем гэтага, і больш за тое, мы вельмі рады, што і ў дзяржаўных установах робяць выбар на карысць актуальнай беларускай музыкі. Гэта яшчэ адна прыкмета таго, што нашы намаганні па папулярызацыі роднай культуры і мовы не праходзяць бясследна", — напісаў Табольскі на сваёй старонцы ў Facebook.
Прадзюсар калектыву палічыў патрэбным растлумачыць сітуацыю пасля хвалі публікацый у шэрагу СМІ, у каментарах пад якімі музыкам намякалі на неразборлівасць пры выбары аўдыторыі.
"Гурт NaviBand — незалежны і апалітычны музычны калектыў. Мы не палітычная арганізацыя. Для нас няма палітычна "правільных" і "няправільных" людзей, "левых" ці "правых". Для нас ёсць 7 мільярдаў чалавек патэнцыйнай аўдыторыі, сваім абавязкам для якой мы лічым данесці сваю музыку і мэсэдж пра тое, што на мапе свету ёсць цудоўная краіна Беларусь, у ёй жывуць выдатныя добрыя людзі, у яе ёсць шматвяковыя традыцыі і "неверагодна мiлагучная i прыгожа мова", — растлумачыў Табольскі.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што музыкі самі будуць прымаць рашэнні, дзе ім выступаць. Прадзюсар гурта нагадаў, што гэта далёка не першы выступ гурта на мерапрыемстве дзяржаўнага ўзроўню. І, напэўна, не апошні.
Музыка NaviBand — гэта музыка для людзей, а не прадстаўнікоў тых ці іншых поглядаў, падкрэсліў Табольскі.
Дуэт NaviBand прадстаўляў Беларусь на "Еўрабачанні-2017" у Кіеве, выконваў песню на беларускай мове "Гiсторыя майго жыцця" і скарыў прыхільнікаў шчырасцю і вельмі эмацыйным выкананнем. Хоць гурт і заняў 17-ае месца, у Беларусі музыкаў сустракалі вельмі цёпла.