Цацкі ад чыноўнікаў адправяцца ў 21 дзіцячы дом і адзін прытулак. Распісвалі цацкі знакамітыя беларусы, сярод іх быў нават дызайнер Уладзімір Цэслер, а чыноўнікі — і нават кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Ігар Бузоўскі — выступілі памочнікамі.
Акцыю арганізавалі супрацоўнікі сіл спецыяльных аперацый, так што можна было сфатаграфавацца не толькі з Дзедам Марозам і Снягуркай, але і з нямецкімі аўчаркамі, якія цярпліва пазіравалі.
Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць пад патранатам прэзідэнта Беларусі і працягнецца з 11 снежня 2017 года па 10 студзеня 2018-га. За час акцыі чыноўнікі абяцаюць дапамагчы выхаванцам дзіцячых дамоў і прытулкаў. Сёння яны вырашылі пачаць з малога і дапамагчы дзецям не застацца без навагодніх упрыгажэнняў.
У акцыі "Нашы дзеці" прымаюць удзел многія вядомыя беларусы, кожны выбірае свой спосаб здзейсніць для дзяцей невялікі цуд. Сярод удзельнікаў і касманаўт Алег Навіцкі. З падарункамі ён наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу. У пачатку года выхаванцы дома пабывалі ў цэнтры касманаўтыкі ў Каралёве, а на гэты раз касманаўт здзейсніў візіт у адказ.
Калі вы натхніліся вопытам чыноўнікаў і таксама хочаце распісаць цацку, заходзіце ў Музей ёлачных цацак, які адкрыўся ў адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы. Папрацаваўшы над роспісам, можна вывучыць і экспанаты музея, агульны кошт якіх ацэньваецца амаль у 800 тысяч даляраў. Прадстаўленую ў музеі калекцыю сабраў Андрэй Бягун. Сярод экспанатаў ёсць ёлачныя цацкі і калядныя ўпрыгажэнні з многіх краін свету — ад Паўночнай Карэі да Бразіліі.