МІНСК, 22 сне — Sputnik. Стартаваў трэці сезон Прэміі Цёткі, якая прысуджаецца за лепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. Заяўкі прымаюцца да 31 студзеня 2018 года, паведамілі арганізатары.
Пераможцы вызначаюцца па дзвюх намінацыях: лепшы твор для дзяцей і падлеткаў і лепшае мастацкае афармленне кнігі. На конкурс прымаюцца кнігі 2017 года на беларускай мове. У кожнай намінацыі спецыяльнае журы вызначыць па аднаму пераможцу, якія атрымаюць 2 тыс. долараў.
У 2016 годзе прэмію Цёткі атрымалі пісьменніца Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай "Сем ружаў", у 2017 годзе — Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі".
Прапанаваць кнігу на конкурс могуць выдавецтвы, члены журы, аргкамітэт прэміі, сам аўтар ці мастак і нават любы зацікаўлены чытач. Для гэтага трэба запоўніць форму на сайце ciotka.by.