Першы намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла ў пятніцу 22 снежня на сустрэчы з жыхарамі вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна заявіў, што пошукі Максіма Мархалюка працягваюцца.
Хлопчык знік 16 верасня, аперацыя па яго пошуку стала самай маштабнай у Беларусі, у ёй прынялі ўдзел не толькі міліцыя, армія і ратаўнікі, але і тысячы валанцёраў.
"Першая версія: хлопчык стаў ахвярай няшчаснага выпадку, заблукаў у лесе. Другая версія: дзіця стала ахвярай злачынства. Шукалі не толькі Максіма, але і асоб, якія маглі мець дачыненне да крымінальнага знікнення Максіма. На дадзены момант намі адпрацаваны некалькі тысяч грамадзян. Любыя версіі намі правяраюцца. Сюды нават прывозілі празорцаў, якія нібыта ведалі… Мы ім паказвалі ўсё, нават непрыдатныя збудаванні і звалкі. Праца праводзілася, праводзіцца і будзе праводзіцца ", — распавёў Шастайла.
Праваахоўнік яшчэ раз звярнуўся да мясцовых жыхароў з просьбай паведамляць органам унутраных спраў любыя дэталі, звязаныя са згубай дзіцяці.
Аўдыёзапіс каментароў намесніка начальніка Гродзенскага УУС Аляксандра Шастайла слухайце на радыё Sputnik Беларусь.