МІНСК, 26 сне — Sputnik. Цэнтрвыбаркам Расіі разгледзеў пакет дакументаў вылучэнца ў прэзідэнты ад ліберальнай партыі "Грамадзянская ініцыятыва" Ксеніі Сабчак і дазволіў ёй распачаць кампанію.
Маючы на руках адабрэнне ЦВК, Сабчак можа адкрыць спецыяльны рахунак для фарміравання выбарчага фонду і пачаць збор подпісаў у сваю падтрымку.
"Дазволіць кандыдату на пасаду прэзідэнта РФ Ксеніі Анатольеўне Сабчак адкрыць спецыяльны выбарчы рахунак для фарміравання выбарчага фонду ў дадатковым офісе ПАО Ашчадбанк", — цытуе РІА "Новости" пастанову, прынятую ЦВК РФ.
Сабчак была вылучана для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах з'ездам ліберальнай партыі "Грамадзянская ініцыятыва", якую ўзначальвае былы міністр эканомікі Расіі Андрэй Нячаеў. Ён дапамагаў Сабчак у падрыхтоўцы яе перадвыбарнай праграмы "123 цяжкія крокі".
З'езд "Грамадзянскай ініцыятывы" з удзелам патэнцыйнага кандыдата адбыўся ў суботу. Размаўляючы пасля з журналістамі, Сабчак прызналася, што прыйшла ў палітыку сур'ёзна і надоўга, а агітаваць і збіраць подпісы ў перыяд перадвыбарнай кампаніі плануе перш за ўсё ў рэгіёнах. Масква і Санкт-Пецярбург ужо дастаткова палітычна актыўныя і "апазіцыйна настроеныя", патлумачыла сваю стратэгію вылучэнец ад "Грамадзянскай ініцыятывы".
Дакументы ў ЦВК Сабчак падала ў панядзелак. У аўторак ЦВК адказаў і зарэгістраваў трох упаўнаважаных прадстаўнікоў "Грамадзянскай ініцыятывы", а таксама ўпаўнаважанага самой Сабчак па фінансавых пытаннях.
Пасля адкрыцця рахунку Сабчак зможа пачаць збор подпісаў у сваю падтрымку — для рэгістрацыі кандыдатам ёй трэба сабраць іх не менш за 100 тысяч. Прычым з аднаго рэгіёну не можа быць больш за 2,5 тысячы подпісаў.
Аб сваім жаданні пазмагацца за вышэйшы прэзідэнцкі пост Расіі заявілі некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку дзеючы кіраўнік краіны Уладзімір Пуцін, ветэраны выбарчых кампаній лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі і партыі "Яблык" Рыгор Яўлінскі і іншыя. КПРФ замест Генадзя Зюганава ў гэтую кампанію вылучыла дырэктара саўгаса Пава Грудзініна. Апазіцыйнаму палітыку Аляксею Навальнаму расійскі ЦВК адмовіў у рэгістрацыі з-за непагашанай судзімасці.
Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі таксама заявілі журналісты Кацярына Гардон і Алег Лур'е, прадпрымальнік Сяргей Палонскі і іншыя.
Чарговыя выбары прэзідэнта адбудуцца 18 сакавіка 2018 года, выбарчая кампанія афіцыйна стартавала 18 снежня.