У Букчу калядаваць ездзяць з Тонежы. Справа ў тым, што ў Тонежы ў 1943 годзе нацысты спалілі мясцовых жыхароў і царкву, таму ў гэты дзень у іх памінальная служба і яны не могуць калядаваць у сябе. Гэты сюжэт прысутнічае нават у іх каляднай песні "А ў нас у Тонежы цэркаўка гарэла…"
Практычна ў кожнай вёсцы ёсць нейкія свае адрозненні ў абрадах. Вось, напрыклад у Тонежы ходзяць з казой 7 студзеня каля суседзяў, а 8-га студзеня ў сябе ў вёсцы, а ў іншых вёсках мясцовыя жыхары ходзяць з каляднымі персанажамі (Мядзведзь, Каза, Чорт, Цыган і г. д.) ужо на Шчодрык (13-14 студзеня).
Ходзяць ад дома да дома малымі групамі калядоўшчыкаў аж да глыбокай ночы. У Сярэдніх Печах калядоўшчыкі просяць гаспадароў "павесяліць двор", калі тыя згаджаюцца — спяваюць абрадавыя песні і пажаданні.