МІНСК, 15 сту — Sputnik. Дамова аб узаемным прызнанні візаў паміж Беларуссю і Расіяй можа быць заключана ў бліжэйшы час, заявіў у панядзелак на прэс-канферэнцыі кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
Пытанне аб неабходнасці ўзаемнага прызнання візаў паміж Беларуссю і Расіяй з'явілася пасля таго, як у пачатку 2017-га рэспубліка ўвяла пяцідзённы бязвіз для грамадзян 80 дзяржаў, а Расіі давялося аднавіць праверкі пашпартоў на мяжы РБ і РФ.
На нарадзе на мінулым тыдні прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб "фактычным аднаўленні мяжы" паміж краінамі і заклікаў усіх хутчэй разабрацца ў сітуацыі, якая склалася.
"Мы як раз за тое, каб не было нейкіх аднабаковых крокаў у дачыненні да любога пытання, якое тычыцца нашых абедзвюх краін. Менавіта таму мы прапанавалі аператыўна ўзгадніць дамову аб узаемным прызнанні візаў, якая ўжо ў высокай стадыі гатоўнасці. І я спадзяюся, што яна будзе прынята ў бліжэйшы час", — адзначыў Лаўроў.
Як падкрэсліў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства, РФ гатовая да заключэння такой дамовы.
Уступіць у сілу пагадненне можа ўжо ў першым квартале бягучага года — перад правядзеннем у Расіі Чэмпіянату свету па футболе.
Беларусь у той жа час працягвае працу па лібералізацыі візавага рэжыму. У хуткім часе "бязвіз" праз аэрапорт можа быць павялічаны да дзесяці сутак, а для наведвальнікаў Аўгустоўскага канала і Белавежскай пушчы гэты тэрмін ужо павялічаны.