МІНСК, 20 сту — Sputnik. Экіпаж кіраўніка каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргея Вязовіча пасля 13 этапу ралі-рэйду "Дакар 2018" перамясціўся на другі радок заліку грузавікоў, сведчаць дадзеныя арганізатараў гонкі.
Пераможцам этапу сярод грузавікоў стаў экіпаж каманды "КАМАЗ-МАЙСТАР", якім кіраваў Эдуард Нікалаеў, другім стаў яшчэ адзін расійскі экіпаж — Айрата Мардзеева, трэцім прыбыў чэх Марцін Каломы на Tatra. Вязовіч скончыў этап чацвёртым.
Залік грузавікоў па-ранейшаму ўзначальвае Нікалаеў, а Вязовіч пасля сходу з-за паломкі скрынкі перадач аргентынца Фрэдэрыка Вілагры перамясціўся на другую пазіцыю з адставаннем ад лідара амаль у чатыры гадзіны. Трэцім, прайграючы беларусам больш за паўтары гадзіны, ідзе Мардзееў.
У заліку пазадарожнікаў адбыліся змены сярод лідараў — першы па-ранейшаму іспанец Карлас Сайнс (Peugeot), на другі радок падняўся катарэц Насэр Аль-Атыя (Toyota), на трэцім месцы — паўднёваафрыканец Жынэль Дэ Вільерс. Француз Стэфан Петэрансель цяпер толькі чацвёрты.
Лідары заліку матацыклаў не змяніліся — першым ідзе аўстрыец Матыяс Уокнер (KTM), другі — аргентынец Кевін Бенавідэс (Honda), трэці — аўстраліец Тобі Прайс (KTM). У квадрацыклістаў тройка лідараў таксама без змен: на першым месцы чыліец Ігнасіа Касаль, другое і трэцяе месца — у аргентынцаў Нікаласа Кавіджыласіо і Джэрэмайі Ферыёлі.
Фінальны этап юбілейнага, 40-га, "Дакара" стартуе ў суботу. Гоншчыкі праедуць 120 кіламетраў у ваколіцах аргентынскага горада Кордоба.