МІНСК, 29 сту — Sputnik. Міжнародны паралімпійскі камітэт (IPC) падоўжыў адхіленне Паралімпійскага камітэта Расіі (ПКР) у арганізацыі, паведамляецца на афіцыйным сайце IPC.
IPC у жніўні 2016 адхіліў расійскіх спартсменаў ад Паралімпіяды-2016 і пазбавіў ПКР членства ў арганізацыі. У снежні мінулага года IPC падоўжыў адхіленне ПКР, адзначыўшы, што расійскі бок не выканаў усе пункты дарожнай карты па аднаўленні сяброўства.
"IPC у панядзелак абвясціў, што падаўжае адхіленне Паралімпійскага камітэта Расіі", — гаворыцца ў паведамленні.
Савет IPC прыняў рашэнне пасля атрымання новай інфармацыі ад рабочай групы па аднаўленню ў правах ПКР. Рабочая група ў студзені паведаміла, што два крытэрыі па-ранейшаму не выкананыя:
- поўнае аднаўленне Расійскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) у правах Сусветным антыдопінгавым агенцтвам (WADA);
- прадастаўленне афіцыйнага адказу, у якім падрабязна разбіраюцца высновы з дакладу Рычарда Макларэна
Расіяне выступяць у пяці відах спорту
Разам з тым, згодна з рашэннем IPC, расійскія спартсмены дапушчаныя да ўдзелу ў зімовых Паралімпійскіх гульнях-2018 у паўднёвакарэйскім Пхенчхане ў нейтральным статусе. Расіяне будуць выступаць у статусе "Нейтральны паралімпійскі атлет" (NPA) у пяці відах спорту: горныя лыжы, біятлон, бегавыя лыжы, сноўборд і кёрлінг на інвалідных калясках. IPC чакае, што кваліфікацыйныя крытэры і ўмовы для ўдзелу ў Гульнях выканаюць 30-35 спартсменаў.
"Паколькі кваліфікацыя на гульні ва ўсіх снежных відах спорту працягнецца да сярэдзіны лютага, мы чакаем, што каля 30-35 спартсменаў будуць адпавядаць кваліфікацыйным крытэрам і ўмовам удзелу", — гаворыцца ў заяве.
Па словах кіраўніка арганізацыі Эндру Парсанса, IPC дапускае да Гульняў спартсменаў, у "чысціні" якіх ёсць упэўненасць. "У людзей па ўсім свеце могуць быць розныя меркаванні на гэты конт, але мы кіраваліся наступнымі меркаваннямі: ці можам мы паглядзець у вочы спартсменам і сказаць, што мы можам забяспечыць роўныя ўмовы ўсім? Так. Таму мы не дапускаем ўсю зборную, але дапускаем "чыстых" спартсменаў", — сказаў Парсанс.
Санкцыі закранулі таксама і спартыўных чыноўнікаў РФ. Так, прадстаўнікі ўрада РФ, уключаючы Мінспорту, а таксама члены ПКР не атрымаюць акрэдытацыю на Паралімпіядзе-2018.
Забарона расійскага сцяга
IPC рушыў услед прыкладу Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) і забараніў выкарыстанне расійскіх сцягаў. "Ніякія расійскія сцягі не будуць дазволеныя паблізу ад любога месца, звязанага з Гульнямі", — гаворыцца ў заяве.
Але калі МАК забараніў расійскія сцягі толькі для спартсменаў — заўзятары на трыбунах могуць выкарыстоўваць трыкалор. IPC у сваю чаргу катэгарычна супраць расійскай сімволікі на Паралімпіядзе. "Вы не можаце пранесці сцяг на трыбуны сцяг любой каманды, якая не ўдзельнічае ў Паралімпіядзе. Расія ў Паралімпіядзе не ўдзельнічае", — сказаў Парсанс.
Аргкамітэт Паралімпіяды-2018 заявіў, што прымае і паважае рашэнне IPC дапусціць расіян да ўдзелу ў Гульнях у нейтральным статусе.
Паралімпіяда ў Пхенчхане пройдзе з 9 па 18 сакавіка.