МІНСК, 7 лют — Sputnik. Урачыстая цырымонія ўзняцця дзяржаўнага сцяга Беларусі на XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях у Алімпійскай вёсцы ў Пхенчхане прайшла ў сераду 7 лютага, распавялі Sputnik у Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі.
Правёў цырымонію мэр вёскі Рю Сеун Мін. У ёй паўдзельнічалі шэф беларускай місіі Аляксандр Барауля (які паставіў свой подпіс на сцяне алімпійскага перамір'я), пасол Беларусі ў Паўднёвай Карэі Андрэй Папкоў, а таксама спартсмены і трэнеры беларускай дэлегацыі.
"Гэтая цырымонія азначае, што Алімпіяда ўжо зусім блізка, мы тут разам усе ў зборы, у добрым настроі, гэта ўсё ўрачыста. Бачачы, як падымаецца наш сцяг, мы адчуваем падтрымку ўсёй краіны", — распавяла трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава.
А беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч назваў момант узняцця сцяга ўрачыстым, ён выклікае патрыятычныя пачуцці.
Акрамя беларускай каманды ў Алімпійскай вёсцы сустрэлі ўдзельнікаў з Аргентыны, Мексікі, Балгарыі і Манголіі.
Цырымонія ўзняцця сцягаў краін-удзельніц у Алімпійскай вёсцы традыцыйна папярэднічае афіцыйнаму адкрыццю кожных Алімпійскіх гульняў.
Нагадаем, XXIII зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхенчхане пройдуць з 9 па 25 лютага. На Гульнях будзе разыграна 102 камплекты ўзнагарод у 7 відах спорту па 15 дысцыплінах. Беларусь будзе прадстаўлена 28 спартсменамі ў 6 відах спорту.