МІНСК, 8 лют — Sputnik. Праца па падрыхтоўцы да Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску у 2019 годзе, пабудавана так, каб паказаць культурную спадчыну Беларусі, сказаў намеснік дырэктара дырэкцыі гульняў Анатоль Котаў у МПЦ Sputnik.
Паводле яго слоў, гульні стануць выклікам для ўсёй Беларусі, бо акрамя спартыўных спаборніцтваў важную ролю будуць адыгрываць культурныя мерапрыемствы.
"Да нас прыедуць як мінімум 50 краін Еўропы, на нас будзе глядзець ўвесь свет. Мы плануем, што нашы гульні пакажуць у 160 краінах", — заявіў Котаў.
Падняўшы тэму нацыянальных брэндаў і сімвалаў, Котаў адзначыў, што лагатыпам гульняў выбрана "папараць-кветка", якая стала паўнапраўным і вядомым сімвалам культуры Беларусі. Рабочымі мовамі на Еўрапейскіх гульнях стануць беларуская, руская і англійская.
"Менавіта праз нашу асаблівасць, нашу культуру мы абавязаны паказаць, што Беларусь — гэта адна з краін Еўропы, са сваёй гісторыяй", — сказаў ён.
Пры гэтым Котаў паведаміў, што "дырэкцыя падбірае каманду людзей, здольных аднолькава добра гаварыць на дзвюх дзяржаўных мовах і якія ведаюць таксама якую-небудзь трэцюю замежную мову". Паводле яго слоў, пакуль набрана група з 52 чалавек, якія гатовыя працаваць над забеспячэннем камфортнага знаходжання гасцей у Мінску.
Еўрапейскія гульні 2019 пройдуць у Мінску — з 21 па 30 чэрвеня. Больш за чатыры тысячы атлетаў з 50 краін выступяць у 15 відах спорту і 23 дысцыплінах.