МІНСК, 9 лют — Sputnik. Смерць Генадзя Гарбука — гэта незаменная страта для тэатра і беларускай культуры ў цэлым, заявіў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар падчас развітання з акцёрам у Купалаўскім тэатры.
"Гэта незаменная страта, таму што разам з Генадзем Міхайлавічам сышла цэлая эпоха беларускага тэатра. Мы гаворым аб 55 гадах самаахвярнага служэння высокім ідэалам тэатральнага мастацтва, служэння ў Купалаўскім тэатры. Мы гаворым пра дзесяткі вобразаў сучаснікаў, якія стварыў гэты вялікі артыст на сцэне", — падкрэсьліў Бондар.
Паводле яго слоў, ён выхаваў некалькі пакаленняў беларускіх акцёраў, прывіў ім любоў да прафесіі.
Акцёр беларускага тэатра і кіно Генадзь Гарбук пайшоў з жыцця 7 лютага. Яму было 83 гады.
Артыст здымаўся ў фільмах "Брэсцкая крэпасць", "Знак бяды", "Белыя Росы" і многіх іншых стужках з 1970-х па двухтысячныя гады. Гарбук выходзіў на сцэну Купалаўскага тэатра да апошніх гадоў жыцця, выконваючы ролі Ціхана Пратасавіцкага ў "Пінскай шляхце" па матывах твора Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Еўдакіма Жыгалава ў "Вяселлі" Антона Чэхава, палкоўніка ў спектаклі "Лістапад. Андэрсэн", пастаўленым па матывах твораў Ганса Хрысціяна Андэрсэна.
Раней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні родным і блізкім народнага артыста.