МІНСК, 16 лют — Sputnik. Журналіст, пісьменнік і краязнаўца Віктар Хурсік рыхтуе да выдання кнігу пра род і лёс Магдалены Радзівіл "Vale!-Бывайце!", зараз ідзе збор сродкаў праз краудфандынгавую кампанію.
"Многія цікавыя кнігі выдаюцца малымі накладамі і не пакідаюць межаў Мінска. Мне падалося, што гэта кніга павінна трапіць у дом да кожнага беларуса незалежна ад яго месца жыхарства", — падкрэсліў аўтар.
Каб стварыць вобразы сваёй гераіні, ён працаваў у архівах розных краін. Такім чынам, у выданні будуць надрукаваныя ўнікальныя дакументы і фотаздымкі,а таксама ўспаміны самой Магдалены і яе тэстамент.
Хурсік запэўніў, што на сёння гэта самы поўны збор звестак пра род і лёс Магдалены Радзівіл.
"Я імкнуўся таксама паказаць непарушнасць генеалагічнай лініі роду. Праз дзеі Завішаў, іх пісьмы і ўчынкі я апавядаю пра мары і паражэнні ўсіх беларусаў з XVI па XX стагоддзе", — дадаў ён.