МІНСК, 26 лют – Sputnik. Прэзентацыя выставы "Ахвярую сваім "Я"…", прымеркаванай да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага і 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны адбудзецца 27 лютага ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі Sputnik у музеі.
У мерапрыемстве прымуць удзел пляменнік Максіма Гарэцкага, Радзім Гарэцкі, даследчыкі яго творчасці, пісьменнікі. Таксама ў музеі прагучаць урыўкі з твора М. Гарэцкага "Запіскі на імперыялістычнай вайне" ў выкананні дыктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алега Вінярскага.
Максім Гарэцкі з’яўляецца выбітным дзеячом беларускай культуры. Яго называюць адным з пачынальнікаў беларускай прозы, таксама Гарэцкі вядомы як вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст, педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік вуснай народнай творчасці.
Максім Гарэцкі з’яўляецца аўтарам першай "Гісторыі беларускае літаратуры", "Хрэстаматыі беларускае літаратуры. ХІ век – 1905 г.", літаратурна-крытычнай працы "Маладняк" за пяць гадоў. 1923-1928", эпапеі "Камароўская хроніка", рамана "Віленскія камунары", аповесцей "Ціхая плынь", "Дзве душы" і інш. Зборнік "Народныя песні з мелодыямі" (1928), падрыхтаваны Гарэцкім у сааўтарстве з кампазітарам Ягоравым, змяшчае 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці.