МІНСК, 27 лют — Sputnik. Кошт навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце павышаецца з 1 сакавіка, адпаведнае рашэнне рэктара БДУ апублікавана ў панядзелак.
На мінулым тыдні кошт навучання павысілі ў БДУІР — у сувязі з павелічэннем аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу і ростам цэнаў на камунальныя паслугі.
Як стала вядома 26 лютага, цэны на вучобу па тых жа прычынах вырашылі падняць і ў БДУ.
Згодна з загадам рэктара БДУ, з 1 сакавіка для студэнтаў-платнікаў усталёўваюцца новыя цэны на навучанне. У сярэднім вучоба падаражэла на 10-15%, у залежнасці ад канкрэтнай спецыяльнасці.
Напрыклад, кошт навучання на спецыяльнасці "міжнароднае права" на ФМА БДУ складае 3136 рублёў (раней — 2851 рублёў у год). Менш за ўсё кошт вучобы для студэнтаў беларускай і рускай філалогіі, а таксама па спецыяльнасці "сацыяльная работа" — 2242 рублёў у год (раней — 2039 рублёў).
У сярэднім год навучання ў БДУ каштуе каля 2,5-2,7 тысяы беларускіх рублёў, ці каля 1200-1400 долараў у эквіваленце.
Цалкам з новымі коштамі на вучобу ў БДУ, якія будуць прымяняцца з 1 сакавіка, можна азнаёміцца ў адпаведным загадзе.
Беларускія ВНУ павышаюць кошт з-за павелічэння тарыфнай стаўкі і заробкаў выкладчыкам універсітэтаў, якое адбылося ў канцы мінулага года. Акрамя таго, з пачатку года падаражэла і камуналка. Кіраўніцтва ВНУ мае права пераглядаць кошт вучобы ў залежнасці ад рэальных выдаткаў на навучанне спецыялістаў.