МІНСК, 28 лют — Sputnik. Беларусь разглядае пытанне больш шырокага распаўсюджвання электронных кніг, сказаў журналістам на адкрыцці форуму міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Размаўляючы з журналістамі, міністр пажартаваў, што юбілейная 25-я кніжная выстава-кірмаш — падарунак жанчынам да 8 сакавіка.
"На выставе мяне цікавяць навінкі, якія прыязджаюць з Расіі і нават з іншых краін свету на розных мовах", — пракаментаваў Аляксандр Карлюкевіч экспазіцыю кніжнага форуму.
Паводле яго слоў, заўсёды цікава паглядзець, як робіцца кніга, але цяпер ужо немагчыма прачытаць усё, што выдаецца.
"Трэба глядзець, як далей працаваць нашай айчыннай індустрыі друку і паліграфіі", — дадаў Карлюкевіч.
Міністр паведаміў, што на кніжную выставу многія краіны прыехалі абмяркоўваць распаўсюджванне электронных кніг, у тым ліку ў сацыяльных сетках.
"Адно з найбуйнейшых кітайскіх выдавецтваў, якое за год выдае столькі кніг, колькі ў нас ва ўсёй краіне выходзіць за паўгода, а гэта каля 5 тысяч назваў кніг, будзе весці перамовы аб прысутнасці сваіх кніг у электронным выглядзе ў сацсетках", — распавёў Карлюкевіч.
Кітайскае выдавецтва выпускае кнігі на 62 мовах і гатова выкарыстоўваць Беларусь як пляцоўку для прасоўвання сваіх выданняў.
Пры гэтым міністр звярнуў увагу, што прывітанне прэзідэнта Беларусі невыпадкова адрасавана ўдзельнікам не толькі кніжнай выставы, але і чацвёртага форуму "Пісьменнік і час".
"Для ўдзелу ў ім прыехалі прадстаўнікі 22 краін. Мы ўдзячныя Расіі за прадстаўнічую дэлегацыю, якая сфарміравана з дапамогай Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы. Мы таксама ўдзячныя розным расейскім рэгіёнам, якія прывезлі сучасныя пераклады беларускіх пісьменнікаў і перыёдыкі", — падкрэсліў Карлюкевіч.
У 25-й юбілейнай кніжнай выставе-кірмашы бяруць удзел прадстаўнікі 32 дзяржаў. Ганаровым госцем кніжнага форуму ў гэтым годзе стала Сербія.