МІНСК, 3 сак — Sputnik. Энцыклапедыя "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" атрымала Гран-пры конкурсу "Мастацтва кнігі", паведамілі Sputnik у прэс-службе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла ў рамках XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. На прэстыжную ўзнагароду прэтэндавала каля 150 выданняў, але менавіта энцыклапедыя выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя Петруся Броўкі" атрымала Гран-пры ў намінацыі "Трыумф", дыплом імя Францыска Скарыны і "Вялікі залаты фаліянт".
Нагадаем, што альбом быў падрыхтаваны падчас святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Над ім працавалі намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша і загадчык навукова-даследчага аддзелу кнігазнаўства Галіна Кірэева.
У выданні змешчана інфармацыя пра кожную кнігу беларускага першадрукара: зараз кніжная спадчына Скарыны захоўваецца не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Літве і многіх іншых краінах.