МІНСК, 12 сак — Sputnik. Беларуская лыжніца Святлана Сахоненка прынесла Беларусі першы залаты медаль на Паралімпіядзе 2018, лыжнік Юрый Голуб прынёс у медальную скарбонку серабро, паведамляе Sputnik.
Сахоненка атрымала перамогу ў лыжнай гонцы на дыстанцыі ў 15 кіламетраў у вольным стылі ў катэгорыі В2 для атлетаў з парушэннямі зроку. Другое месца з адставаннем ад пераможцы ў 7,8 секунды заняла ўкраінка Аксана Шышкова. Трэцяй да фінішу прыйшла расіянка Міхаліна Лысова — яна саступіла Сахоненко 3 хвіліны 17,5 секунд.
Гэта другі медаль беларускі на Паралімпіядзе ў Пхенчхане: раней яна заваявала бронзавы медаль у біятлонным спрынце на 6 кіламетраў.
Срэбнай узнагародай папоўніў медальную скарбонку Беларусі лыжнік Юрый Голуб. Ён стаў другім у лыжнай гонцы на 20 кіламетраў у катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку. Раней спартсмен атрымаў срэбра ў біятлонным спрынце на 7,5 кіламетраў.
У дадзены момант Беларусь займае 9-е месца ў агульным медальным заліку Паралімпіяды ў Пхенчхане. На рахунку беларускіх паралімпійцаў шэсць медалёў (адно золата, тры срэбра і дзве бронзы). Лідзіруе зборная ЗША з дзевяццю ўзнагародамі (4-3-2), другой ідзе Францыя, у якой восем медалёў (3-3-2), трэцяй — Украіна з дзевяццю ўзнагародамі (3-2-4).