МІНСК, 15 сак — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з днём нараджэння лаўрэата Нобелеўскай прэміі, дэпутата Дзярждумы Федэральнага сходу Расіі, акадэміка Жарэса Алфёрава.
Беларускі лідэр адзначыў у віншавальнай тэлеграме, што дасягненні славутага фізіка з'яўляюцца значным укладам у развіццё навукі ва ўсім свеце.
"У вырашэнні любых пытанняў Вас адрозніваюць глыбокае разуменне, найбагацейшы досвед, жыццёвая мудрасць і прынцыповасць", — гаворыцца ў віншаванні.
На думку Лукашэнкі, асобнай павагі заслугоўвае тое, якую падтрымку Жарэс Алфёраў аказвае маладым навукоўцам.
"Перакананы, што Ваша шматгранная дзейнасць, актыўная грамадзянская пазіцыя і высокі міжнародны аўтарытэт будуць спрыяць развіццю ўсебаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Жарэсу Алфёраву споўнілася сёння 88 гадоў. Зараз ён з'яўляецца адзіным нобелеўскім лаўрэатам па фізіцы, які жыве ў Расіі.
Нобелеўская прэмія была прысуджана яму ў 2000 годзе за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў. Гэтыя навуковыя адкрыцці ён зрабіў яшчэ на мяжы 60-70-х гадоў.
Алфёраў акрамя навукі шмат увагі надае грамадскай дзейнасці. Сёння ён з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Расійскай акадэміі навук, дырэктарам Фізіка-тэхнічнага інстытута імя А. Ф. Іофе.
У свой час навуковец, які нарадзіўся і атрымаў адукацыю ў Беларусі, атрымаў званне ганаровага прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.