МІНСК, 15 сак – Sputnik. Прэзентацыя зборніка вершаў Усевалада Сцебуракі "Сны дарог" адбудзецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 20 сакавіка а 18:00, пра гэта Sputnik паведамілі ва ўстанове.
Прэзентацыя трэцяй па ліку кнігі паэта і празаіка пройдзе ў рамках праекта "Я кнігу маю". Зборнік "Сны дарог" выйшаў у свет напрыканцы 2017 года.
У прэзентацыі прыме ўдзел рэдактар зборніка Анатоль Івашчанка – паэт і літаратуразнаўца.
Пасля прэзентацыі наведвальнікаў чакае аўтограф-сесія аўтара. Уваход вольны.
Усевалад Сцебурака – беларускі паэт і празаік, нарадзіўся ў Жлобіне, у 2003 годзе скончыў у Мінску гістарычны ф-т БДПУ імя М. Танка. Працаваў у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры, выкладаў на кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі ў БДТУ і БДПУ. Пачаў друкавацца ў 1999 г. у "Нашай ніве". Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў" у намінацыі "Лепшы дэбют" (2004 г.). Аўтар кнігі вершаў і прозы "Крушня" (2007 г.), зборніка "Бег па самаадчуванні" (2013 г.).