МІНСК, 19 сак — Sputnik. Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне 2018" пройдзе 25 лістапада ў "Мінск-Арэне", паведамілі ў нядзелю ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Еўрапейскі вяшчальны саюз абраў Беларусь месцам правядзення дзіцячага "Еўрабачання 2018" яшчэ ў канцы мінулага года. Дата і месца правядзення шоў вызначаліся арганізатарамі да бягучага сакавіка.
Як паведамілі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", датай правядзення фіналу дзіцячага "Еўрабачання 2018" выбрана 25 лістапада. Пройдзе канцэрт на "Мінск-Арэне" — там жа праходзіў дзіцячы конкурс і восем гадоў таму.
Прадстаўлены і лагатып конкурсу — ім стане стылізаваная белая зорка. Слоганам дзіцячага "Еўрабачання 2018" будзе "Light up!" — "Запальвай!".
Цырымонія адкрыцця шоў пройдзе ў НВЦ "БелЭкспа", там жа пройдзе і чырвоная дарожка для юных зорак.
У дзіцячым "Еўрабачанні" могуць удзельнічаць юныя выканаўцы, якім яшчэ няма 15 гадоў. Беларускія артысты перамагалі на шоў двойчы — у 2005 годзе дзякуючы Ксеніі Сітнік і ў 2007 — з Аляксеем Жыгалковічам.