МІНСК, 20 сак – Sputnik. Рэтраспектыва "Змярканне і прыгажосць: новая класіка японскага кіно" адбудзецца ў сталічным кінатэатры "Піянер" з 3 па 8 красавіка, паведамляецца на сайце Кінавідэапракату.
Гэта ўжо сёмая рэтраспектыва японскага кіно, якая праводзіцца ў Мінску. Жыхары і госці сталіцы ўбачаць шэсць фільмаў ад вядучых рэжысёраў Японіі, удзельнікаў і лаўрэатаў найбуйнейшых сусветных фэстываляў кіно.
Фільмы будуць дэманстравацца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі. У Мінску пакажуць любоўную драму "Ззянне" рэжысёра Наомі Кавасэ і сямейны трылер "Фісгармонія" ад узыходзячай зоркі Кодзі Фукады, які асабіста прадставіць уласны фільм беларускім гледачам.
Таксама ў "Піянеры" можна будзе ўбачыць два фільма Хірокадзу Корэ-эды: псіхалагічны дэтэктыў "Трэцяе забойства" і драма "Дзённікі Умімаці". Аматарам хорараў і фантастычных фільмаў варта паглядзець хорар Кіёсі Курасавы "Той, які кідае ў дрыжыкі" і гісторыю пра ўварванне іншапланецян "Пакуль мы тут".
У рамках падрыхтоўкі да тыдня японскага кіно 22 сакавіка ў культурнай прасторы ОК16 кіназнаўца і праграмны дырэктар кінафестывалю "Лістапад", член Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI Ігар Сукманаў прачытае лекцыю "Японскае кіно. Імперыя пачуццяў" і раскажа пра тое, як глядзець японскае кіно і атрымліваць задавальненне.
Тыдзень японскага кіно праводзіцца ў Мінску Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн" пры падтрымцы Пасольства Японіі і генеральнага партнёра рэтраспектывы — кампаніі JTI.
Білеты на кінапаказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатра "Піянер" (вул. Энгельса, 20).