МІНСК, 5 кра — Sputnik. Ацяпляльны сезон для грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў, прадпрыемстваў Мінска завяршаецца ў чацвер, 5 красавіка, паведамілі ў Мінгарвыканкаме.
Адпаведнае рашэнне было прынята 4 красавіка, перадае агенцтва "Мінск-Навіны". У Мінгарвыканкаме будуць сачыць за прагнозам надвор'я. Рашэнне аб адключэнні ацяплення ў астатніх катэгорый спажыўцоў яшчэ не прынятае.
Батарэі ў кватэрах стануць халоднымі, калі ўсталюецца патрэбны тэмпературны рэжым і будзе спрыяльны прагноз.
Згодна з беларускім заканадаўствам, абласныя выканкамы і Мінгарвыканкам самастойна прымаюць рашэнне аб адключэнні ацяплення пры дасягненні сярэднясутачнай тэмпературы +8°С і вышэй.
Спачатку ацяпленне адключаюць у грамадскіх і адміністрацыйных будынках, затым — у жыллёвым фондзе, гасцініцах і навучальных установах. У апошнюю чаргу без цяпла застануцца дзіцячыя дашкольныя, школьныя навучальныя ўстановы.
Да адключэння ацяплення мясцовыя ўлады могуць прымаць рашэнне пераходзіць у рэжым прапальвання — гэта дазваляе і рацыянальна расходаваць рэсурсы, і пры неабходнасці зноў рабіць батарэі гарачымі.
Калі холад усё ж такі вернецца, адпаведныя службы гатовыя аператыўна ўключыць ацяпленне на час замаразкаў.
Сапраўдная вясна прыйшла ў Беларусь у сераду: слупкі тэрмометраў месцамі дасягнулі 18 градусаў са знакам "плюс".