МІНСК, 19 кра — Sputnik. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў чацвер у першым чытанні законапраект, які прадугледжвае шэраг змяненняў у заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Змены закона "Аб СМІ" і шэрагу іншых нарматыўна-прававых актаў анансавалася міністэрствам інфармацыі ўжо даўно, аднак на разгляд парламентарыяў дакумент паступіў толькі ў гэтую сесію.
Прадстаўляў у парламенце законапраект асабіста кіраўнік Мінінфарма Аляксандр Карлюкевіч. Пасля яго дакладу аб асноўных зменах прайшло абмеркаванне з дэпутатамі — парламентарыяў хвалявала пытанне метадаў ідэнтыфікацыі каментароў на інтэрнэт-парталах, абароны дзяцей ад негатыўнай інфармацыі і адсутнасці рэсурсаў у рэгіянальных тэлекампаній для давядзення долі нацыянальнага кантэнту да 30%.
У выніку за прыняцце законапраекта ў першым чытанні ў аўтарскай рэдакцыі выказаліся 98 дэпутатаў, двое прагаласавалі супраць, яшчэ двое ўстрымаліся.
Адказваючы на пытанне аб магчымых карэкціроўках пасля заўваг дэпутатаў і прафесійнай супольнасці, Карлюкевіч паабяцаў, што ўсе прапановы будуць улічаныя і разгледжаны пры падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання.
Калі парламентарыі разгледзяць змены ў заканадаўства аб СМІ ў другім чытанні, пакуль не вядома. Акрамя самога закона "Аб СМІ", мяркуюцца таксама змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Падатковы кодэкс — у частцы тых пытанняў, якія тычацца дзейнасці медыя.
Пасля прыняцця змены ўступяць у сілу праз пяць месяцаў. СМІ таксама дадуць паўгады "пераходнага перыяду".