МІНСК, 26 кра — Sputnik. На беларускі інтэрнэт-аукцыён выстаўлена карціна настаўніка Марка Шагала, вядомага віцебскага мастака пачатку ХХ стагоддзя Юдэля Пэна.
Прадавец запэўнівае, што экспертыза карціны "Рабін" зроблена ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, але ніякіх пацверджанняў гэтаму няма.
Сёння ўладальнік карціны дадаў у апісанне вытрымкі з атрыбуцыйнага заключэння, у якіх напісана, што "твор даследаваны візуальна і з дапамогай тэхніка-тэхналагічных сродкаў".
"Прадстаўлены на атрыбуцыю твор мае мастацкую, культурную і гістарычную каштоўнасць", — прыводзіцца ў апісанні лота.
Прадавец піша, што з заключэннем зможа азнаёміцца пакупнік, які будзе мець сур'ёзны намер набыць дадзены мастацкі твор.
Таргі пачыналіся з 1 рубля, пасля 15 ставак кошт карціны падняўся да 1000 долараў, але і гэта яшчэ не мяжа: у Расіі купіць карціны Пэна прапануюць за 60-90 тысяч долараў.
Арыгінал ці не?
Куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка і кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Зіменка не выключае, што прадстаўленая на аукцыёне карціна з'яўляецца арыгіналам.
"Я ведаю гэтую працу, нам прапаноўвалі яе набыць яшчэ ў 2016 годзе, але мы не цікавіліся падрабязнасцямі, таму што Пэн знаходзіцца па-за нашымі інтарэсамі", — патлумачыў ён у размове з карэспандэнтам Sputnik.
Зіменка дадаў, што, па яго інфармацыі, уладальнікі карціны рабілі экспертызу ў Нацыянальным мастацкім музеі. Там ёсць некалькі подліннікаў Пэна, таму магчыма было дакладна параўнаць палатно.
Як паведамілі Sputnik у аддзеле сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, "Пэн не аднойчы бываў у музеі на экспертызе. Нават зараз на разглядзе знаходзіцца адно палатно".
"Калі музей робіць экспертызы, то ўладальнік карціны павінен мець сертыфікат, які пацвердзіць дадзеную экспертызу. Уладальнік можа распараджацца гэтай інфармацыяй, як яму захочацца", — патлумачылі спецыялісты.
У музеі пацвердзілі наяўнасць пейзажаў, партрэтаў і жанравых кампазіцый пэнзля Пэна, якія выкарыстоўваюцца для параўнання.
Атрымліваецца, што даведацца пра подліннасць карціны можна толькі ў тым выпадку, калі яе ўладальнік апублікуе сертыфікат. Інфармацыя пра пэўныя карціны з прыватных калекцый, якія праходзяць экспертызу ў музеі, з'яўляецца канфедынцыяльнай.