Як прызнаваўся ў шматлікіх інтэрв'ю рэжысёр Мікалай Пінігін, Ясьміна Рэза — адна з яго любімых сучасных драматургаў і гэтая літаратурная прыхільнасць апраўдана. Тры разы на сцэне Купалаўскага ставілі "ART" знакамітай францужанкі і вось зараз "Бог разні". Менавіта такую назву носіць п'еса ў аўтарскім варыянце, які, дарэчы, ужо бачылі ў Парыжы, Лондане і нават на Брадвеі.
Пінігін славіцца сваёй адаптацыяй тэатральнага матэрыялу для беларускага гледача і гэты выпадак — не выключэнне. Узяць хаця б назву — "Талерантнасць", якая, па словах рэжысёра, гучыць іранічна, вельмі па-беларуску і да ўсяго іншага адводзіць ад памылковага погляду, што пастаноўка "пра вайну". Менавіта назва становіцца адпраўной кропкай на шляху да стварэння незвычайнай, нягледзячы на сваю шаблоннасць, гісторыі.
Здаецца, што можа быць яшчэ больш простым і нудным: бацькі двух падлеткаў абмяркоўваюць звычайную падзею. Фердынан ударыў Бруна палкай і выбіў яму два зубы. Такіх гісторый — у кожным двары і кожнай школе здараецца нямала. Чаму ж скандал пары Валон і пары Рэй павінен выглядаць як нешта нязвыклае?
Пінігін упэўнены, што ў аснове любой сур'ёзнай канфліктнай падзеі — чалавек з комплексамі, які вырашыў адпомсціць. Узяць хаця б Гітлера, які так хацеў паступіць у Венскую мастацкую акадэмію. Але яго не ўзялі…
Калі б не было так сумна
На першы погляд "Талерантнасць" — самая сапраўдная камедыя. Па-французску балбатлівая і неназойлівая. Гэта напісана і ў афішы да спектакля, гэта пацвярджае і вясёлы смех у зале. Жарты галоўных герояў, калі-некалі пахабныя і часам нахабныя, гучаць востра і з'едліва. Але пасля першага ўражання прыходзіць другое, з якім нічога, акрамя гогалеўскага "Над сабой смеяцеся!" у галаву не ідзе.
Ідэальнае, на першы погляд, жыццё, дзе людзі разважліва кажуць аб праблемах і маральных каштоўнасцях, рассыпаецца, як толькі нешта кранае герояў за жывое, прымушае страціць раўнавагу.
Высвятляецца, што дом населены не ўнікальнымі прадстаўнікамі роду чалавечага, у якіх на прыложкавай тумбачцы маральны кодэкс суседнічае з Бібліяй. Тут жывуць звычайныя людзі: нервовыя, няшчасныя і закамплексаваныя эгаісты. Адзін абараняе фірму, якая гандлюе небяспечнымі лекамі, другі — выкінуў на дарогу любімага хамяка маленькай дачкі. Яны расслабляюцца пад бутэлечку рому і пад яе ж разважаюць пра сэнс жыцця і маральныя каштоўнасці, сапраўдных мужчын і жанчын.
Апакаліпсіс сямейнага маштабу
Асобна трэба спыніцца на дэкарацыях. Сцэнограф Руслан Вашкевіч не тэатральны мастак і ёсць падазрэнне, што менавіта яго свежы погляд дазволіў зрабіць тое, што атрымалася.
Дэкарацыі "Талерантнасці" — гэта не проста мастацкае афармленне сцэны для лепшага ўспрымання. Гэта своеасаблівы каркас, на які ўмацоўваецца гісторыя апакаліпсісу сямейнага маштабу. Без майстэрскага афармлення сцэны гісторыя Пінігіна магла б скаціцца ў звычайны сямейна-побытавы скандал.
Тэлевізар — абавязковы фон, які акрамя функцыі праўдападабенства і напаўнення прасторы надзелены асаблівым сімвалізмам — выдатна даносіць рэжысёрскую думку. У агульнай дэкарацыі ён не ў цэнтры сямейнага канфлікту, а над ім, як вынік. Бясконцы бягучы радок з выбухамі, мітынгамі і дэманстрацыямі — вось да чаго прыводзіць паказны лібералізм на лакальным узроўні.
Але, усё ж, галоўная дэкарацыя — гэта славутыя паліткарэктнасць і талерантнасць, якімі галоўныя героі затуляюць сваё сапраўднае "я". Гэта не акцёры на сцэне малююць персанажаў з рэальнага жыцця, а звычайныя людзі хітруюць і хаваюцца пад маскамі ветлівасці і няшчырасці.
Тонкі намёк на значныя акалічнасці
Бясконцая шуміха ў прэсе аб глабальным філасофскім значэнні "Талерантнасці" можа згуляць з гледачом злы жарт. Павярхоўная камедыйнасць п'есы да апошняга моманту трымае ў стане мыльнай оперы.
Пінігін: у спектакль "Талерантнасць" я дадаў тэму міграцыйных праблем>>
Адчуванне, што вас жорстка падманулі, паабяцаўшы філасофію і драму, не пакідае да апошняга, але фінал расстаўляе ўсё па сваіх месцах. Сям'я Валон пераўтвараецца ў афіцыянтаў і прыслужвае дзвюм сямейным парам — у традыцыйным мусульманскім адзенні. Яны мірна вячэраюць, абмяркоўваюць надзённыя праблемы і дзякуюць богу.
Гэтай сцэны няма ў арыгінальнай п'есе Рэза, яе дадаў Пінігін і як заўсёды трапіў у цэль.
Вось вам, мадам-мэсьё, і талерантнасць. Гэта нават не кропка, а клічнік.