МІНСК, 7 мая — Sputnik. Грошы на помнік пісьменніку Алесю Адамовічу шукаюць на краўдфандынгавай платформе "Талака". Зборам грошай займаецца ініцыятыўная група "Прыпынак Адамовіча".
"Няма ніводнага бюста, і нават памятнай шыльды, што быў такі таленавіты пісьменнік, як Алесь Адамовіч. Ушануем памяць і ўсталюем бюст і зробім сквер", — гаворыцца ў тэксце прапановы на сайце.
Па словах прадстаўнікоў групы, за ўшанаванне памяці пісьменніка была сабрана амаль тысяча подпісаў, а само усталяванне помніка ўзгаднілі з Міністэрствам культуры.
Кожнаму ахвярадаўцы абяцаюць ліст з падзякай і запрашэнне на адкрыццё бюста.
Алесь Адамовіч нарадзіўся ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна 3 верасня (па іншых звестках — 3 жніўня) 1927 года.
Бадай самы шчыры беларускі літаратар і публіцыст мінулага стагоддзя пакінуў пасля сябе грунтоўную спадчыну. Яго наватарскія падыходы ў літаратуры аказалі значны ўплыў не толькі на беларускую літаратуру. Адамовіч бачыў вайну, дакладней, нават удзельнічаў — партызаніў. З 1943 года быў спачатку сувязным, потым байцом партызанскага атрада. У той час яму было 15, хоць па дакументах значылася менш. Гэта маці падправіла пасведчанне аб нараджэнні, каб падлетка не сагналі ў Германію.
У яго творчым і грамадскім жыцці, акрамя вайны, былі яшчэ дзве тэмы — Курапаты і Чарнобыль. Самыя балючыя для беларусаў да гэтага часу.
"Вінаватых у Чарнобылі трэба судзіць. Бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся і ад Чарнобыля, і ад непазбежных новых катастроф", — пісаў у свой час Адамовіч.
Пайшоў з жыцця Алесь Адамовіч 26 студзеня 1994 года ў Маскве.