МІНСК, 11 мая — Sputnik. Малодшы сын прэзідэнта Беларусі Мікалай Лукашэнка паўдзельнічаў у канцэрце ў доме-інтэрнаце для пенсіянераў і інвалідаў і перадаў установе дзесятак курэй з асабістай гаспадаркі кіраўніка дзяржавы.
Сям'я Лукашэнка вялікую ўвагу надае Мінскаму дому-інтэрнату для пенсіянераў і інвалідаў: яны рэгулярна перадаюць туды свежы ўраджай з агарода прэзідэнта, а малодшы сын кіраўніка дзяржавы разам з астатнімі вучнямі сваёй школы наведвае жыхароў інтэрната і ўдзельнічае ў канцэртах для іх.
Як паведамляе БелТА, у пятніцу вучні Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы, у тым ліку Мікалай Лукашэнка, наведалі пастаяльцаў інтэрната і выканалі для іх канцэртную праграму "Галасы вайны".
На канцэрце хлопчыкі і дзяўчаты чыталі вершы і маналогі, а таксама выконвалі песні пра вайну. Апранутыя школьнікі былі адпаведна: у гімнасцерках часоў Вялікай Айчыннай.
"Ад традыцыі прыязджаць у госці з падарункамі не адышлі і ў гэты раз. Пасля канцэрта жыхарам дома-інтэрната перадалі дзесятак курэй-нясушак і пеўня. Усіх іх даставілі сюды з асабістай гаспадаркі кіраўніка дзяржавы", — паведаміла агенцтва.
Дзякуючы падарунку ў інтэрнаце адкрылі ўласную міні-ферму. Акрамя курэй, у гаспадарцы ёсць трусы, падораныя на навагоднія святы. Неўзабаве тут павінны з'явіцца і козы.