МІНСК, 15 мая — Sputnik. Пагадненне па бязвізавым праезду замежных заўзятараў на буйныя спартыўныя мерапрыемствы паміж Беларуссю і Расіяй будзе падпісана да канца мая, заявіў у аўторак журналістам начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
Беларусь і Расія з мінулага года спрабуюць вырашыць пытанне аб парадку перасячэння грамадзянамі трэціх краін унутранай мяжы Саюзнай дзяржавы. Меркавалася падпісанне пагаднення аб узаемным прызнанні візаў, аднак пакуль дакументы так і не зацверджаныя.
Асабліва актуальным пытанне аб перамяшчэнні заўзятараў становіцца напярэдадні буйных спартыўных падзей: ЧС-2018 па футболе ў Расіі і Еўрапейскіх гульняў — 2019 у Беларусі.
Як паведаміў журналістам у аўторак начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, да спартыўных мерапрыемстваў краіны падпішуць іншы дакумент.
"Ужо завершана працэдура ўзгаднення праекта спартыўнага пагаднення, якое рэгламентуе аспекты бязвізавага праезду і знаходжання на спартыўных мерапрыемствах — Чэмпіянаце свету і Еўрапейскіх гульнях", — распавёў Бягун.
Па словах Бягуна, пагадненне дазволіць замежным заўзятарам з фан-картамі знаходзіцца на тэрыторыі краін падчас спартыўных мерапрыемстваў. Замежнікі без фан-карт, якія маюць расійскія візы, павінны будуць заязджаць праз міжнародныя пункты пропуску, якіх на ўнутранай мяжы краінаў няма.
"Падрыхтоўка да падпісання мяркуецца да канца мая", — адзначыў Бягун і дадаў, што запрацуе пагадненне з 1 чэрвеня.
Па вялікім пагадненні аб узаемным прызнанні візаў праца паміж Беларуссю і Расіяй працягнецца, заключыў прадстаўнік МУС.