МІНСК, 15 мая — Sputnik. Сталі вядомыя падрабязнасці "спартыўнага пагаднення" паміж Расіяй і Беларуссю, якое рыхтуецца да падпісання і дазволіць заўзятарам без віз перасякаць межы краін, знаходзіцца ў дзяржавах на час спартыўных мерапрыемстваў.
Да канца мая гэтага года Беларусь і Расія падпішуць "спартыўнае пагадненне", якое дазволіць заўзятарам з фан-картамі трапляць на тэрыторыю краін без віз і часова ўрэгулюе пытанне перамяшчэння замежнікаў праз унутраную мяжу Саюзнай дзяржавы.
Як расказаў у аўторак намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па пытаннях міграцыі МУС Расіі Дзмітрый Дземідзенка, новае пагадненне будзе распаўсюджвацца толькі на замежнікаў з "картай заўзятара".
Так, калі заўзятар прыедзе ў пункт пропуску, то зможа ў інтэрнэце адразу аформіць карту заўзятара — пры наяўнасці білетаў на матчы. Адпаведна, трапіць на тэрыторыю Расіі ці Беларусі ён зможа без візы.
Ёсць і абмежаванні: так, асобы, унесеныя ў спіс непажаданых, не змогуць афармляць пашпарты заўзятара — гэта значыць патрапіць на тэрыторыю дзяржаў ім такім чынам не атрымаецца.
Мяркуецца таксама, што ўладальнікі "карт заўзятара" змогуць без віз знаходзіцца на тэрыторыі краін 15 дзён да пачатку мерапрыемства і яшчэ 15 дзён пасля яго. Распаўсюдзіцца пагадненне на Чэмпіянат свету па футболе ў Расіі і Еўрапейскія гульні ў Беларусі.