Супрацоўніцтва з кітайскімі калегамі прыкметна актывізавалася ў апошнія некалькі гадоў, расказаў тэлеканалу "Беларусь 3" генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі кожны год праходзіць не менш за тры выставы з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Творчыя саюзы — не толькі мастакоў, але і пісьменьнікаў, і кінематаграфістаў — актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.
"Напрыклад, два гады таму беларускія мастакі правялі выязны пленэр у Паднябеснай, пасля якога падарылі па два свае творы кітайскім музеям, а ў мінулым годзе ў Кітаі была прэзентаваная маштабная выстава шэдэўраў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі", — расказаў Пракапцоў.
У чэрвені ў Пекіне пройдзе маштабны форум музеяў свету, у якім возьмуць удзел і прадстаўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. І таксама ў чэрвені, але ўжо ў Беларусі, пройдзе пленэр і выстава работ 10 кітайскіх мастакоў.
"У нас добрыя адносіны з Шанхайскім мастацкім музеем, і ў наступным годзе мы чакаем іх выставу, а раней, у верасні, да нас прыедуць педагогі-мастакі з Універсітэта культуры і мастацтваў горада Юліна, мы хочам іх пазнаёміць з нашымі педагогамі-мастакамі, і таксама пройдзе іх сумесны пленэр", — паведаміў Пракапцоў.
Самым маштабным з хуткіх праектаў стане правядзенне ў наступным годзе Дзён культуры КНР у Беларусі, у рамках якіх у Нацыянальным мастацкім музеі будзе прадстаўлена вялікая экспазіцыя кітайскага мастацтва.
Фрагмент гутаркі з генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым слухайце на радыё Sputnik Беларусь.