Фатаграфіі рудай украінскай праваабаронцы і палымянага журавінавага сэрца адправіліся на конкурс літаральна за дзень да заканчэння падачы заявак. Калі Сяргею Гапону нагадалі пра дэдлайн, ён пасмяяўся: асабісты дэдлайн наступіць яшчэ праз 4 гады, у конкурсе можна ўдзельнічаць да 33 гадоў. Але фатаграфіі даслаў. І, як высветлілася, не дарэмна.
АМАП з касічкамі
Адна з фатаграфій, якая ўразіла журы, зробленая ў Кіеве 9 мая, падчас акцыі "Бяссмертны полк". Па словах Сяргея, у той дзень сабраліся як прыхільнікі акцыі, так і яе праціўнікі, таму былі прынятыя сур'ёзныя меры бяспекі.
"Для фатографа гэта, вядома, выдатны сюжэт — паўтараюцца элементы і акцэнт, касічка дзяўчыны. Але з пункту гледжання бяспекі, мне здаецца, гэта было дастаткова непрафесійна", — прызнаецца Сяргей: беспарадкі падчас акцыі ўсё-ткі здарыліся.
Паводле яго слоў, з рудай дзяўчынай з Нацгвардыі ён так і не пазнаёміўся, так што яна, магчыма, нават не ведае, што апынулася на здымку, які прэтэндуе на перамогу ў прэстыжным міжнародным конкурсе.
Рамантыка фота vs суровая рэальнасць
Фатаграфія, на якой азярцо журавін літаральна на некалькі імгненняў прыняло форму сэрца, рамантычная толькі на першы погляд, а на самай справе за ёй стаіць сумная гісторыя.
Гэта фота Сяргей зрабіў на прадпрыемстве "Палескія Журавіны", якое з'яўляецца адным з самых буйных плантацый журавін у Еўропе.
"Месяц кастрычнік, людзі ў вадзе па пояс, і яны вымушаныя знаходзіцца там па 8-9 гадзін у дзень", — распавядае Сяргей.
Восень у Беларусі халодная — і маразы, і дажджы, але людзі вымушаныя працаваць у такіх умовах, каб пракарміць сям'ю. Пінскі раён, па словах Сяргея, — адзін з самых бедных у рэспубліцы ў плане эканомікі, там высокі ўзровень беспрацоўя. Для многіх мясцовых гэта фактычна адзіная магчымасць зарабіць грошы.
Тэхналогія збору журавін досыць простая, і кожны кастрычнік на гэтае прадпрыемства адбываецца пілігрымка фатографаў. З году ў год паўтараецца адзін і той жа сюжэт, адны і тыя ж журавіны, адны і тыя ж людзі. Нават мужчына ў цэнтры фатаграфіі Сяргея ўжо трапляў у яго аб'ектыў пазалетась, і апрануты ён быў у тую ж самую куртку і шапку. Адзінае, што можа змяняцца — святло, умовы надвор'я, якія ўплываюць на танальнасць фатаграфій.
Сяргей шукаў новую кропку здымкі і ў выніку выкарыстаў дрон, каб зірнуць на "басейн" з журавінамі зверху.
"Сама форма пастаянна змяняецца, як правіла, гэта круг, авал, на секунд 5-10 склалася сэрца. І я зразумеў: так, гэта тая фатаграфія, у якой ёсць права на існаванне, гэта нешта новае, і гэта не проста форма сэрца, гэта пэўны сімвал, рухавік рэгіёну", — расказвае Сяргей.
Прыкласціся да каменя і паесці шашлыкоў
На конкурс Сяргей адпраўляў яшчэ серыю здымкаў, якія не прайшлі ў фінал, але расказваюць цікавую гісторыю.
"Гэта адна з самых уражлівых для мяне здымак за мінулы год, таму што тое, што я ўбачыў, вельмі незвычайна", — адзначае Сяргей.
Да Блакітнай крыніцы кожнае 14 жніўня, на Мядовы спас, прыязджаюць каля 50 тысяч паломнікаў.
На першай фатаграфіі людзі стаяць у чарзе, каб пакланіцца каменю. Прычым этнографы, па словах Сяргея, сцвярджаюць, што гэтага каменя ў той мясцовасці ніколі не было.
"Проста калі ўбачылі, што паломніцтва набірае абароты, паставілі гэты камень і прыдумалі легенду, што ён ацаляе, калі прыкласціся да каменя хворым месцам. Карціна ўражлівая: стаяць мужчыны, піўным жывоцікам адзін бок прыклалі, другі прыклалі…" — расказвае Сяргей.
Лічыцца, што балючае месца камень сагравае, а здаровае — астуджае.
На радзіме Сяргея, у Крэве, таксама стаялі такія камяні, але на іх мясцовыя святары выбілі праваслаўныя крыжы, каб людзі прыходзілі пакланіцца крыжу, а не каменю, тут жа, запэўнівае фатограф, гэта проста валун.
Аднак асноўная мэта паломніцтва для многіх — рака побач, вада ў якой на працягу ўсяго года захоўвае тэмпературу 8 градусаў. Людзі вераць, што, калі гэтую раку перайсці туды і назад тройчы (хтосьці, зрэшты, настойвае на лічбе 40), хваробы ног сыдуць.
"Гэта працягваецца цэлыя суткі, ваду проста пыласосяць туды і назад тысячы людзей, побач стаяць, набіраюць гэтую ж ваду ў бутэлькі для пітва, на адным беразе стаіць капліца і ідзе служба, на іншым — смажацца шашлыкі, алкаголь, лета, свята… Дастаткова дзіўная рэлігійная нагода сабрацца", — жартуе Сяргей.
"Агенцтва — воўк, якога трэба кожны дзень карміць"
Сяргей Гапон захапляецца фатаграфіяй з дзяцінства. Яго прафесійнае станаўленне пачалося ўжо падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў: на першым курсе, на конкурсе, дзе студэнты павінны былі прадэманстраваць таленты, Сяргей прадставіў свае фатаграфіі.
У выніку Сяргей атрымаў не толькі галоўны прыз, але і прапанову працы ад універсітэта. У той час там як раз шукалі фатографа, так што фактычна з канца першага курса Сяргей не толькі вучыўся, але і працаваў ва ўніверсітэце.
"З цягам часу культура мне трохі надакучыла, і я пачаў пазіраць у бок навін", — кажа Сяргей. Цяпер ён працуе фотакарэспандэнтам у Агенцтве Франс Прэс (AFP).
Пра свае творчыя планы Сяргей гаворыць з асцярогай. Паводле яго слоў, фотарэпарцёру досыць складана будаваць вялікія планы.
"Агенцтва — воўк, якога трэба кожны дзень карміць", — жартуе Сяргей.