МІНСК, 24 мая — Sputnik. Археалагічная экспедыцыя пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры ў Навагрудскім раёне пройдзе ў гэтым годзе з 13 па 28 ліпеня, паведамілі арганізатары.
Мерапрыемства ўжо паспела стаць традыцыйным — штогод тут арганізуецца валанцёрская група з ліку моладзі, студэнтаў і навучэнцаў.
Удзельнікам абяцаюць два тыдні ў добрай сяброўскай кампаніі ва ўмовах экспедыцыйнага жыцця. Як правіла, валанцёры працуюць па 4-6 гадзін на археалагічных раскопках, а ў вольны час ладзяць лекцыі, літаратурныя сустрэчы і экскурсіі.
"Асабліва вітаюцца заяўкі ад моладзі, якая ўдзельнічае ў брацтвах і іншых праваслаўных аб'яднаннях, і ад падлеткаў (ва ўзросце ад 14 гадоў), якія наведвалі нядзельныя школы пры царкоўных прыходах", — падкрэслілі арганізатары.
Стаць сапраўдным археолагам можна абсалютна бясплатна.
Археалагічныя даследаванні ў гэтых мясцінах вядуцца з 2011 года па ініцыятыве Лаўрышаўскага манастыра. Экспедыцыя працягвае вывучэнне мясцовасці, якое пачалося тут у 1971 годзе.