МІНСК, 22 мая – Sputnik. Пахаванні крывічоў канца І — пачатку ІІ тысячагоддзя нашай эры былі знойдзены каля вёскі Наўры ў 1934 годзе, і з тых часоў археолагі рэгулярна прыязджаюць на раскопкі: наступная экспедыцыя была арганізавана ў 1987 годзе, аднавіліся раскопкі ў 2012-м пад кіраўніцтвам археолага Мікалая Плавінскага.
Разам з Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры ўжо другі год запар пад Наўрамі арганізуецца валанцёрскі археалагічны летнік. Туды прыязджаюць людзі розных прафесій і ўзростаў.
"Уласна, абмежаванняў па ўзросце няма, але зразумела, што гаворка не ідзе пра зусім маленькіх дзяцей", — кажа Мікалай Плавінскі.
Паводле яго слоў, у мінулым годзе ў лагеры адначасова пражывалі каля трыццаці чалавек, а ўсяго на раскопках за два тыдні пабывалі больш за сто чалавек.
"Многія застаюцца на ўвесь тэрмін, больш дарослыя — на некалькі дзён, таму што працуюць", — тлумачыць Мікалай Плавінскі.
У мінулым годзе падчас раскопак археолагам і іх памочнікам удалося зрабіць важнае вынаходніцтва: побач з курганным пахаваннем быў знойдзены бескурганны могільнік.
"Акрамя пахавання ў курганах, пасля трупаспалення цела хавалі не пад насыпамі, — распавядае Мікалай Плавінскі. — Гэта першы выпадак, зафіксаваны ў Паўночнай Беларусі".
На раскопкі запрашаюць усіх, хто цікавіцца археалогіяй — праезд, харчаванне і пражыванне забяспечваюць арганізатары летніка.
"Праезд арганізаваны з Мінска і назад аўтобусам у першы і апошні дзень, — расказвае каардынатар праекта Юрый Меляшкевіч. — Размяшчэнне ў намётах, харчаванне, цікавая культурная праграма — па вечарах будуць расказваць аповяды, знаёміць з гісторыяй".
"Карміць будзем, калі працаваць будуць", — жартліва ўдакладніў Мікалай Плавінскі.
У гэтым годзе "Наўры — 2018" пройдуць з 1 па 15 жніўня. Зарэгістравацца можна па спасылцы.