МІНСК, 25 мая — Sputnik. Штармавое папярэджанне зноў абвешчана ў Беларусі — на вечар пятніцы, 25 мая, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
На гэтым тыдні ў рэспубліцы было няўстойлівае надвор'е з навальніцамі, градам і ліўнямі. Напярэдадні ў Лоеўскім раёне быў зафіксаваны велізарны смерч, а двума днямі раней у Віцебскай вобласці выпаў град, які цалкам пакрыў зямлю.
"Сёння да 21:00 па паўднёва-заходняй палове рэспублікі чакаюцца навальніцы", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што ў асобных раёнах пры навальніцах чакаюцца моцныя ліўні з градам, а таксама ўзмацненне ветру, парывы якога будуць дасягаць хуткасці 20 м/с.
У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я абвешчаны аранжавы — перадапошні — узровень небяспекі.