МІНСК, 29 мая — Sputnik. Мядзведзяў усё часцей можна ўбачыць на дарогах Беларусі па цэлым шэрагу прычын — ад павелічэння колькасці і да міграцыі асобін, распавёў Sputnik дацэнт кафедры заалогіі біяфака БДУ Леанід Бурко.
Беларусы ўсё часцей пачалі паведамляць аб сустрэчах на дарогах краіны з мядзведзямі — у асноўным іх бачылі ўздоўж трас. Чым выкліканая такая колькасць мішак, якія выходзяць з лясоў? Sputnik звярнуўся з гэтым пытаннем да кандыдата біялагічных навук Леаніда Бурко.
"Гэта нармальная з'ява. З-за шэрагу зробленых у Беларусі мерапрыемстваў, у тым ліку і стварэння дзяржінспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, амаль няма браканьераў, а колькасць мядзведзяў прыкметна павялічылася. Таму людзі сталі іх часцей сустракаць", — адзначыў спецыяліст.
Па словах Бурко, мядзведзі па магчымасці пазбягаюць месцаў збору людзей або трас, але, па цэлым шэрагу прычын, вымушаныя часамі выходзіць з лясных масіваў.
"З павелічэннем колькасці ўзнікае пытанне аб пошуку ежы, новых месцаў і міграцыі, пошуку партнёра", — растлумачыў біёлаг.
Таксама часцей за ўсё гавораць аб з'яўленні мядзведзяў і па прычынах не біялагічнага характару: у вялікай колькасці беларусаў з'явіліся відэарэгістратары ў машынах, амаль ва ўсіх у мабільных тэлефонах ёсць камеры, таму з'яўляецца больш магчымасцяў зафіксаваць перасоўванне жывёл.
Калі вы сустрэлі мядзведзя — панікаваць адразу не трэба, запэўнівае спецыяліст.
"Так, для людзей мядзведзі нясуць небяспеку. Але нармальныя асобіны, без хвароб або ран, не будуць агрэсіўнымі — страх перад чалавекам у іх "выхаваны" з дзяцінства. Калі ж звер паранены — можа напасьці", — растлумачыў Бурко.
Калі вы ўбачылі мядзведзя, паспрабуйце не рабіць рэзкіх рухаў і не рабіць моцных гукаў — акуратна сыдзіце да сваёй машыны ці іншага сховішча. Залазіць на дрэва, да слова, бессэнсоўна — у адрозненне ад ваўка, мядзведзь можа туды забрацца.
"І старайцеся з розумам падбіраць месца, дзе будзеце адпачываць ці шпацыраваць. У лясах праблемы могуць быць не толькі з-за мядзведзя або ваўка. Напрыклад, казуля можа вельмі моцна ударыць рагамі. Трэба быць асцярожнымі", — заклікаў спецыяліст.