МІНСК, 13 чэр — Sputnik. Тэрміны планавага адключэння гарачай вады летам у Беларусі могуць скараціць, заявіў у сераду журналістам начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэспублікі Генадзь Аксціловіч.
Планавыя адключэнні гарачай вады для прафілактычных работ праходзяць у гарадах Беларусі кожнае лета. Гарачай вады беларусы пазбаўляюцца звычайна на два тыдні — пры ўмове адсутнасці праблем пры рамонце цеплатрас.
Як заявіў прадстаўнік Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі на прэс-канферэнцыі, тэрміны адключэнняў у будучыні могуць быць скарочаныя.
"Міністэрствам сумесна з цеплазабеспячальнымі арганізацыямі праводзіцца аналіз і праца наконт магчымасці скарачэння тэрмінаў адключэння спажыўцоў ад гарачага водазабеспячэння", — сказаў Аксціловіч.
Па словах прадстаўніка ведамства, планавыя адключэнні ў мінулым годзе складалі не больш за два тыдні, аднак былі выпадкі і больш сціснутых тэрмінаў — аж да пяці дзён.
Некалькі гадоў таму прадстаўнікі ведамства выказваліся пра тое, што адключаць гарачую ваду летам эканамічна немэтазгодна, аднак такая патрэба ёсць з-за арганізацыі водазабеспячэння ў рэспубліцы. Для адмовы ад падобнай меры неабходна мяняць сістэму ў цэлым, што патрабуе і значных часавых выдаткаў, і істотных фінансавых укладанняў.