Раней невядомы твор Дзмітрыя Шастаковіча быў знойдзены ў верасні 2017 года ў фондах Галоўнага архіўнага ўпраўлення Масквы. Гэта напісаны на двух аркушах дуэт для альта і фартэпіяна, створаны ў 1931 годзе. На адным лісце — толькі партыя альта, на другім — партытура самога твора. П'еса называецца "Экспромт" і, на думку спецыялістаў, была падораная аўтарам альтысту Аляксандру Рыўкіну.
"Мне выпаў гонар упершыню яго выканаць на "Днях Шастаковіча" ў Германіі з самым знакамітым альтыстам гэтай краіны на сёння — Нільсэнам Мюнкемайерам. У мяне вельмі цікавыя адчуванні, сёння граць прэм'еру Дзмітрыя Дзмітрыевіча Шастаковіча для любога музыканта — унікальны выпадак. З трапятаннем чакаю, калі прыйдуць ноты", — распавёў радыё Sputnik Беларусь мастацкі кіраўнік міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, піяніст-віртуоз Расціслаў Крымер.
Дзевяты міжнародны музычны фэст "Дні Шастаковіча" пройдзе з 21 па 24 чэрвеня ў Горышы непадалёк ад Дрэздэна. У гэтым горадзе Дзмітрый Шастаковіч у 1960 годзе напісаў адзін з галоўных драматычных твораў у сваёй творчасці — Восьмы струнны квартэт.
Ноты знойдзенай у маскоўскіх архівах раней невядомай п'есы Дзмітрыя Шастаковіча былі перададзеныя аргкамітэту фестывалю, паколькі, на думку музыказнаўцаў, менавіта тут найбольш беражліва падыходзяць да спадчыны вялікага кампазітара.
Гутарку з Расціславам Крымерам слухайце ў аўдыёзапісы радыё Sputnik Беларусь.