Свята роднай ежы "Усё Сваё" прайшло ў Мінску ўжо ў другі раз. На адзін дзень панадворак ля Нацыянальнага гістарычнага музея ператварыўся ў сапраўдную гастранамічную пляцоўку. Беларускія фермеры прывезлі мінчанам пакаштаваць прадукты, якія самі вырасцілі або прыгатавалі сваімі рукамі.
Смаўжы па-бургундску, цэльназерневы хлеб на заквасцы, казіны сыр, варэнне з дзьмухаўцоў і перцу чылі, плоў, боршч, клёцкі, пірог з рэвенем і сіроп з хваёвых шышак — гэта няпоўны спіс далікатэсаў ад беларускіх вытворцаў. Уся ежа посная, таму што як раз цяпер ідзе Пятроўскі пост, якога прытрымліваліся нашы продкі.
Натуральныя прадукты можна было не толькі купіць, але і пакаштаваць абсалютна бясплатна, таму самыя хітрыя госці паспелі як след пад'есці.
Акрамя свята для жывата арганізатары зладзілі для аматараў slow food свята для душы — госці спявалі беларускія народныя песні, вадзілі карагоды і гулялі ў "Чарачку" і "Масток".
Глядзіце ў фотастужцы Sputnik, як прайшло самае смачнае і гасціннае свята гэтых выхадных.