МІНСК, 6 ліп — Sputnik. Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая займае 50-ы радок у рэйтынгу WTA, прабілася ў трэці круг Уімблдонскага турніру.
Гульня адбылася ў чацвер 5 ліпеня на 16-м корце і пачалася ў 17:30 па мінскім часе.
Саперніцай беларускай спартсменкі была амерыканка Тэйлар Таундсэнд (73-я ў рэйтынгу WTA). Першы сэт Сасновіч узяла лёгка — 0:6, у другім амерыканская тэнісістка змагла адыграць чатыры геймы, але перамога ўсё роўна была за беларускай.
У 1/16 турніру Сасновіч згуляе з расіянкай Дар'яй Гаўрылавай, якая зараз абараняе сцяг Аўстраліі (25-я ў рэйтынгу WTA).
У першым крузе спаборніцтваў Сасновіч сенсацыйна выбіла з барацьбы двухразовую пераможцу Уімблдона чэшку Петру Квітаву (7-е месца ў сусветным рэйтынгу). Пасля перамогі беларуску з удалым стартам павіншаваў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
У бягучым годзе прызавы фонд лонданскага турніру складае 34 мільёны фунтаў стэрлінгаў. Варта адзначыць, што Аляксандра Сасновіч упершыню ў сваёй кар'еры прабілася ў трэці круг прэстыжнага тэніснага турніру ў Лондане.