МІНСК, 10 ліп — Sputnik. З 1986 года, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сістэма патрабаванняў МАГАТЭ атрымала значнае развіццё, сказала начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Вольга Лугоўская.
Чарнобыльскі сцэнар выключаны
"Усе патрабаванні да бяспекі, якія закладваюцца сусветнай супольнасцю, — гэта вынік разумення таго, як трэба будаваць бяспечна атамныя станцыі. Пасля 1986 года прайшло больш за 30 гадоў, і ўзмацненне патрабаванняў да бяспекі ішло па ўсіх напрамках", — адзначыла кіраўнік Дэпартамента.
Паводле яе слоў, пасля чарнобыльскай катастрофы ішоў эвалюцыйны працэс узмацнення патрабаванняў бяспекі, каб забяспечыць немагчымасць паўтарэння такога сцэнару.
"Максімальны разліковы землятрус для нашай станцыі — гэта 7 балаў. На Беларускай АЭС ацэньваецца ўзровень пікавых паказчыкаў паскарэння — 0,10 G. Наш праект пабудаваны на ацэнцы гэтага параметру ў 0,13 G, гэта значыць 30% бяспекі", — распавяла Вольга Лугоўская.
Цунамі выключана
Кіраўнік Дэпартамента нагадала пра тое, што ідзе шмат размоў пра землятрус на Ашмянскім разломе, які адбыўся ў 1908 годзе. Максімальная яго магнітуда ацэньваецца ў 4,5. Пры гэтым магнітуда не з'яўляецца бальнасцю ў ацэнцы — гэта вылучэнне энергіі.
Вольга Лугоўская асобна падкрэсліла, што магутнасць землятрусу 7 балаў — гэта ўзровень, які закладзены ў праекце БелАЭС.
Пры гэтым атамная станцыя ў Астраўцы можа вытрымаць і паводку. Вольга Лугоўская звярнула ўвагу, што станцыя размешчана так, што ёсць запас пад'ёму вады на 50 метраў.
"Ні пра якія цунамі ў такім разе не можа быць і гаворкі", — сказала кіраўнік Дзяржатамнагляду.