МІНСК, 10 ліп — Sputnik. Буры мядзведзь быў заўважаны ў лесе пад Івацэвічамі, паведамляецца на сайце нацыянальнага парку "Белавежская пушча".
"Падчас вясновага ўліку глушца на такавішчах у раёне ўрочышча "Машэраўскія домікі" былі выяўленыя сляды жыццядзейнасці бурага мядзведзя ў выглядзе драпін на дрэвах", — гаворыцца ў паведамленні.
Сляды былі знойдзеныя ў маі, а ў чэрвені жыхары вёсак Валішча і Рэчкі бачылі самога драпежніка прыкладна ў 30 кіламетрах ад урочышча, якое прадстаўляе сабой лясны масіў плошчай паўтары тысячы гектараў паміж ракой Шчара і возерам Вагонаўскім.
Спецыялісты з вялікай верагоднасцю адзначылі, што мядзведзь мог зайсці ў гэты край з Налібоцкай пушчы або Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. "Але тое, што ён на працягу двух месяцаў трымаецца ў дадзеным рэгіёне, можа сведчыць аб магчымым яго рассяленні", — дадалі спецыялісты.
З 1981 года буры мядзведзь атрымаў у Беларусі статус ахоўнага віду і быў занесены ў Чырвоную кнігу, у рэспубліцы іх налічваецца каля 100 асобін. Гэта адзін з самых буйных прадстаўнікоў атрада драпежных жывёл.
Нагадаем, вясной гэтага года беларусы неаднаразова бачылі мядзведзяў каля аўтадарог. Так, напрыканцы мая касалапы быў заўважаны каля трасы непадалёк ад Мінска.