Шымон Перэс: 9-ы прэзідэнт Ізраіля, які ні разу не быў у адпачынку

© Алексей Дружинин / Перайсці ў медыябанкПрэзідэнт Рэспублікі Ізраіль Шымон Перэс
Прэзідэнт Рэспублікі Ізраіль Шымон Перэс - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Шымон Перэс нарадзіўся 2 жніўня ў беларускім Вішнева. Больш за 70 гадоў ён адбудоўваў бяспеку і імідж Ізраіля насуперак жартаўнікам, якія раз-пораз называлі яго "ўдачлівым няўдачнікам" і "вечна другім".

Вера Дашкевіч, Sputnik.

У Вішнева Шымона Перэса ведалі як Сёму Перскага. Ну, як ведалі, хутчэй, памяталі рэдкія старажылы. Тыя, хто яшчэ заспеў гэтую сям'ю ў Беларусі: яны эмігравалі ў пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Спачатку ў Палестыну з'ехаў бацька, Іцхак Перэс, а затым, праз пару гадоў, у 1934, перавёз на зямлю запаветную жонку і дваіх сыноў — 11-гадовага Сёму і малодшага Гершана.

Заставайся яўрэем, заставайся чалавекам

У Вішнева застаўся любімы дзед Перэса па матчынай лініі, равін Гірша Мельцэр.

"Ён быў для мяне скарбніцай мудрасці. Менавіта ён пазнаёміў мяне з Торай і гісторыяй яўрэйскага народа. Па меры таго як я рос, я разам з дзедам вывучаў Талмуд. Ён умеў граць на скрыпцы і чытаў мне па-руску Дастаеўскага і Талстога", — успамінаў пазней дзявяты прэзідэнт Ізраіля.

А вось той самы калодзеж: што ведаюць на радзіме Шымона Перэса пра земляка - Sputnik Беларусь
Відэа
А вось той самы калодзеж: на радзіме Шымона Перэса

Існуе легенда, што, калі яны развітваліся, дзед наказваў унуку: "Заставайся яўрэем, заставайся чалавекам".

З дзедам яны больш не бачыліся. Усе сваякі Перэса, якія засталіся ў Вішневе, загінулі ў 1941 годзе. Нацысты сагналі ўсіх габрэяў мястэчка ў сінагогу і падпалілі яе.

З фермера у гендырэктара Мінабароны

У Палестыне ён вучыўся — скончыў агульнаадукацыйную, а затым працоўную школы, пайшоў у кібуц, працаваў фермерам.

У 18 гадоў ён ужо быў сакратаром лявацкай моладзевай арганізацыі. А праз пару гадоў паступіў на службу ў Мінабароны, дзе яго заўважыў Бен-Гурыён — у той час прэм'ер-міністр маладой дзяржавы.

Бэн-Гурыён адправіў маладога Перэса ў ЗША кіраўніком прадстаўніцтва Міністэрства абароны. Там Перэс у вольны ад працы час паспеў скончыць Гарвардскі ўніверсітэт.

Яму не было і 30, калі Шымона Перэса прызначылі генеральным дырэктарам міністэрства абароны. На гэтай пасадзе ён праслужыў дзесяць гадоў, набыўшы характарыстыкі "выканаўцы", "тэхнакрата №1", "прапаведніка мадэрнізацыі".

Прыхільнікі лічылі, што Перэс, дзякуючы навуцы і ваеннай замове, даў магутны імпульс грамадзянскай прамысловасці Ізраіля. Праціўнікі сцвярджалі, што ён спажывае празмерныя бюджэты на ваенныя патрэбы.

Але менавіта Перэс аказаў істотны ўплыў на з'яўленне ў Ізраіля ўласнай авіяцыйнай, электроннай і абароннай прамысловасці.

"Тэрыторыя Ізраіля ў даўжыню здабытая яго салдатамі і сялянамі. Сваёй тэрыторыі ў шырыню ён пазбаўлены з-за наяўнасці арабскіх краін. Вышыня Ізраіля — у дасягненнях яго навукоўцаў і інжынераў, сістэме адукацыі і агульным інтэлектуальным узроўні", — казаў Перэс у адной са сваіх перадвыбарных прамоваў у 1959 годзе. Ён стаў тады дэпутатам Кнэсета — ізраільскага парламента.

Неаднаразова міністр, прэм'ер і прэзідэнт

Перэс пражыў доўгае чалавечае — 93 гады — і доўгае палітычнае жыццё — больш за 70 гадоў. Ён стаяў ля вытокаў стварэння "Аводы" — адной з вядучых левацэнтрысцкіх партый Ізраіля. Па колькасці мандатаў яна займае трэцяе месца ў Кнэсеце.

На працягу сваёй доўгай палітычнай кар'еры ён то выйграваў, то прайграваў выбары. У нейкі момант за ім трывала замацаваўся імідж "палітыка, які пастаянна прайграе". Яго называлі "ўдачлівым няўдачнікам" і "вечна другім".

Пры гэтым ён тройчы займаў пасаду міністра замежных спраў, а ў розныя гады быў міністрам унутраных спраў, фінансаў, сувязі, транспарту, абсорбцыі, міністрам рэгіянальнага развіцця і міністрам па развіцці Негева і Галілеі… Двойчы — у 1984 і 1995 годзе — станавіўся прэм'ер-міністрам. У 1994 годзе сумесна з Ясерам Арафатам і Іцхакам Рабінам атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

"Людзі пытаюцца мяне, як заставацца актыўным. Гэта вельмі проста. Лічыце ў розуме вашыя дасягненні і мары. Калі вашых мараў больш, чым дасягненняў, — значыць, вы ўсё яшчэ маладыя. Калі наадварот — вы старыя", — прызнаваўся ўраджэнец Вішнева і дзевяты прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс.

Стужка навiн
0