МІНСК, 13 жні — Sputnik. Беларускія заўзятары змогуць ужывую ўбачыць матч у адказ трэцяга раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы УЕФА паміж мінскім "Дынама" і "Зенітам" (Санкт-Пецярбург), гаворыцца ў паведамленні афіцыйнай групы мінчукоў "УКантакце".
Гульня "Зеніт" — "Дынама-Мінск" адбудзецца ў будучы чацвер, 16 жніўня, на стадыёне "Пятроўскі" ў Санкт-Пецярбургу. Сустрэча, як паведамлялася раней, павінна была прайсці пры пустых трыбунах — УЕФА пакараў расійскі клуб з-за паводзінаў фанатаў.
"Паведамляем вам, што ў адпаведнасці з арт. 73 Дысцыплінарнага рэгламенту УЕФА на матчы, які праводзіцца без гледачоў з прычыны накладання спагнання на клуб і стадыён, могуць прысутнічаць да 200 заўзятараў гасцявой каманды, якія валодаюць квіткамі на паядынак", — гаворыцца ў паведамленні.
У клубе растлумачылі, што квіткі будуць прадавацца перад самым пачаткам гульні. Іх кошт — дзве тысячы расійскіх рублёў. "Але продаж будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях і па пашпарце", — дадалі ў "Дынама-Мінск".
Нагадаем, першая сустрэча каманд, якая адбылася на мінскім стадыёне "Дынама" 9 жніўня, завяршылася разгромам "Зеніта" з лікам 4:0.