З 1 снежня ўступіць у сілу абноўленая версія закона аб СМІ, якая, на думку міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, будзе спрыяць кансалідацыі і журналістаў, і самога грамадства. Хоць у плане заканадаўчых паправак яшчэ ёсць над чым працаваць, адзначыў кіраўнік профільнага ведамства ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.
"Безумоўна, хацелася б, каб грамадскія журналісцкія арганізацыі ўносілі ініцыятывы, каб мы рухаліся далей", — сказаў Карлюкевіч.
Па словах міністра, пакуль у працы ведамства застаецца цэлы шэраг момантаў. Гэта і рэзанансная для многіх краін тэма фэйкавых навін, і тэрміналогія ў дачыненні да ўдзельнікаў медыйнай прасторы.
"Мне здаецца, трэба вярнуцца да разгляду самога тэрміна "фрылансер" і больш грунтоўна пагаварыць пра гэта і прыўнесці пэўныя ініцыятывы. Мы будзем максімальна прыслухоўвацца да журналісцкай супольнасці ў вызначэнні ўсіх гэтых пазіцый", — адзначыў Карлюкевіч.
Таксама, па словах міністра, у дадатак да новай версіі закона аб СМІ, якая пачне працаваць з 1 снежня, у бліжэйшы час будзе распрацаваны яшчэ шэраг нарматыўных актаў. У першую чаргу, гаворка ідзе пра пастанову Савета міністраў, прысвечаную выключна нацыянальнаму тэлевізійнаму кантэнту, паведаміў Карлюкевіч.
"Над ёй зараз працуюць супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, і над ёй жа цяпер працуе журналісцкая тэлевізійная супольнасць. Літаральна ў самы бліжэйшы час будзе гатовы праект гэтай пастановы для шырокага абмеркавання", — паведаміў міністр.
Фрагмент інтэрв'ю міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча слухайце на радыё Sputnik Беларусь.